21 лютага – Міжнародны дзень роднай мовы


Там звіняць неўміручыя песні на поўныя грудзі,
Там спрадвеку гучыць мая мова, булатны клінок.
Тая гордая мова, якую й тады не забудзем,
Калі сонца з зямлёю ў апошні заглыбяцца змрок.
Уладзімір Караткевіч

Дзень роднай мовы асаблівы для кожнай нацыі, кожнага народа, бо няма народа без мовы, няма мовы без яго носьбіта. 21 лютага ЮНЕСКА абвясціла Міжнародным днём роднай мовы, каб папярэдзіць знікненне асобных гаворак свету і захаваць моўную разнастайнасць. На жаль, беларуская мова, знянацку адціснутая братэрскай рускай, паступова робіцца экзотыкай. Сапраўдных народных носьбітаў мовы з кожным годам становіцца ўсе менш і менш.

21 лютага — яшчэ адна нагода задумацца аб лёсе роднай мовы беларусам.

Няхай нават сёння яна — моцная, распаўсюджаная, абароненая заканадаўствам, але няма гарантыі, што ўжо заўтра яна не трапіць у спіс тых трох тысяч, гатовых знікнуць.

У гэты дзень у школе адбылося шмат мерапрыемстваў, прысвечаных Міжнароднаму дню роднай мовы. Сярод вучняў малодшых класах прайшлі акцыі “Гавары са мной па- беларуску”, “Маё роднае слова”.


На выставе, размешчанай на трэцім паверсе, можна было пазнаёміцца з творчымі работамі вучняў і малюнкамі, зробленымі да твораў беларускіх аўтараў.


У бібліятэцы школы арганізавана выстава кніг пісьменнікаў і паэтаў Беларусі. Вучні з цікавасцю знаёміліся з навінкамі і выбіралі творы на свой густ.


Дзеці чыталі вершы, слухалі ўрыўкі з твораў, рыхтавалі сцэнкі па эпізодах з прачынаных твораў.


Цікавай была акцыя “Смак роднай мовы”. Вучні адгадвалі словы, запісвалі іх па-беларуску, успаміналі творы, у якіх сустракаліся гэтыя словы.


Хоцацца, каб родная мова гучала не толькі ў гэты дзень, на ўроках беларускай мовы і літаратуры, па чацвяргах, але і ў паўсядзённым жыцці.


Няхай арыенцірам кожнаму стануць словы Змітрака Бядулі:

“Не саромся, беларус, гаманіць па-свойму — на роднай мове бацькоў і дзядоў сваіх. Шануй сваю мову, шануй свае песні, свае казкі, звычаі і ўсё роднае — гэта спадчына дзядоў і вялікі нацыянальны скарб. Толькі тады цябе ўсе будуць шанаваць як чалавека, калі сам сябе будзеш шанаваць — калі не адкінеш свайго нацыянальнага ўласнага багацця. А першы скарб нацыянальны — гэта родная мова “.

Настаўнік беларускай мовы і літаратуры,
Пыжова Ала Аляксандраўна